23 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь бачыць перспектывы ў развіцці прамысловай кааперацыі з Італіяй, улічваючы магчымасці рынку Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым заявіла сёння журналістам намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына пасля завяршэння першага пасяджэння міжурадавай беларуска-італьянскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Яна звярнула ўвагу, што пасяджэнне з'яўляецца лагічным этапам у развіцці беларуска-італьянскага дыялогу ва ўсіх сферах: палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай. "Добры фундамент для ўмацавання нашых сувязей існаваў ужо даўно. Але сёння пачынаецца новы этап, новая старонка", - сказала Алена Купчына. У Мінску сабраліся прадстаўнікі больш як 30 кампаній.
На пасяджэнні былі разгледжаны традыцыйныя сферы ўзаемадзеяння і намечаны перспектывы яго развіцця. Дэлегацыі прааналізавалі існуючыя бар'еры ва ўзаемным гандлі і абмеркавалі меры па іх устараненні ў мэтах садзейнічання далейшаму развіццю гандлёвых адносін паміж дзвюма краінамі.
Значная ўвага была ўдзелена перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва, уключаючы праблематыку стварэння італьянскай прамысловай акругі ў Брэсцкай вобласці, развіццю міжрэгіянальных кантактаў, выкарыстанню еўрапейскіх фінансавых інструментаў для падтрымкі сумесных інвестыцыйных праектаў, наладжванню супрацоўніцтва паміж нацыянальнымі агенцтвамі экспартнага страхавання.
Беларускі бок лічыць перспектыўным развіццё супрацоўніцтва ў аўтамабіле- і машынабудаванні, у сферы навукі і тэхналогій. Выказана зацікаўленасць у інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва з канцэрнам Finmeccanica S.p.A.
Бакі дамовіліся, што чарговае пасяджэнне міжурадавай камісіі пройдзе ў Італіі ў наступным годзе.
Пасля завяршэння пасяджэння адбылася таксама сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з кіраўніком італьянскай дэлегацыі - статс-сакратаром Міністэрства замежных спраў і міжнароднага супрацоўніцтва Бэнедэта Дэла Ведава. На сустрэчы былі абмеркаваны вынікі пасяджэння міжурадкамісіі, актуальныя пытанні беларуска-італьянскіх адносін, а таксама праблематыка ўзаемадзеяння па лініі Мінск - Брусель.