27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь абмяркоўвае магчымасць паставак у Іран ялавічыны. Адпаведная тэматыка закраналася на сустрэчы пасла Беларусі ў Іране Юрыя Лазарчыка з намеснікам міністра сельскагаспадарчага джыхада гэтай краіны Хасанам Рокні. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
"Бакі абмеркавалі бягучыя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння ў сферы сельскай гаспадаркі і, у прыватнасці, перспектывы супрацоўніцтва спецыялістаў дзвюх краін у галіне ветэрынарыі і радыялогіі ў рамках вырашэння пытання аб арганізацыі паставак з Беларусі ў Іран мяса ялавічыны", - расказалі ў МЗС.
Пасол перадаў іранскаму боку віншаванне міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леаніда Зайца ў адрас яго іранскага калегі з нагоды паўторнага назначэння на высокую пасаду, а таксама выказаў надзею на хуткі візіт у Беларусь іранскіх спецыялістаў у галіне ветэрынарыі і радыялогіі для азнаямлення з вядучымі мясамалочнымі прадпрыемствамі і пацвярджэння якасці беларускай прадукцыі.
Хасан Рокні выказаў задавальненне работай сумеснай беларуска-іранскай рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі і пацвердзіў намер арганізаваць візіт у бліжэйшы час.