5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Сацыялістычнай Рэспубліцы В'етнам Уладзімір Баравікоў сустрэўся з дырэктарам дэпартамента міжнародных адносін Міністэрства грамадскай бяспекі В'етнама Данг Хуан Хонгам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве нашай краіны ў В'етнаме.
На сустрэчы прысутнічалі кіраўнікі профільных службаў і прадпрыемстваў, падпарадкаваных Міністэрству грамадскай бяспекі. Абмеркаваны практычныя крокі супрацоўніцтва па арганізацыі на тэрыторыі В'етнама сумеснай вытворчасці беларускай тэхнікі спецыяльнага прызначэння, а таксама экіпіроўкі для в'етнамскіх пажарных службаў.
Акрамя таго, дасягнута дамоўленасць аб фарміраванні двухбаковай рабочай групы для вызначэння канкрэтных спецыфікацый неабходнага абсталявання і прапрацоўкі заключэння адпаведных кантрактаў.
Як паведамлялася БЕЛТА, раней адбылася сустрэча кіраўніка беларускай дыпламатычнай місіі з міністрам грамадскай бяспекі В'етнама То Ламам, на якой разглядалі перспектывы беларуска-в'етнамскага супрацоўніцтва ў праваахоўнай сферы, абмен візітамі профільных ведамстваў, пытанні падрыхтоўкі кадраў.