24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Іван Крупко і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Беларусі Жолт Чутара ў час рабочай сустрэчы абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін у сферы аграпрамысловага комплексу, а таксама далейшае супрацоўніцтва ў галіне насенняводства і племянной птушкагадоўлі. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінсельгасхарча.
"Работа па гэтых напрамках ужо вядзецца. Паміж ААТ "1-я Мінская птушкафабрыка" і ТАА "Бабална Тэтра" (Венгрыя) падпісаны дагавор на пастаўку прабацькаўскіх куранят ад зыходных ліній венгерскіх яечных кросаў Тэтра карычневы і Тэтра белы для паляпшэння якасных паказчыкаў беларускага кроса і забеспячэння яечных птушкафабрык Беларусі бацькоўскімі формамі", - адзначылі ў прэс-службе. Дзякуючы праекту з бягучага года Беларусь практычна вызваляецца ад імпарту племянных статкаў курэй-нясушак, а пачынаючы з 2023-га зможа цалкам забяспечыць айчынны рынак уласнай пародай курэй яечнага напрамку, адпаведнай сусветнаму ўзроўню.
Як паведамлялася, у час афіцыйнай сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі з прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам 5 чэрвеня быў заключаны мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне племянной птушкагадоўлі. Дакумент падпісалі Іван Крупко і міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр Сіярта. Згодна з мемарандумам бакі будуць аказваць садзейнічанне ў развіцці ўзаемадзеяння прадпрыемстваў дзвюх краін па некалькіх напрамках. У іх ліку - пастаўкі прабацькаўскіх куранят ад зыходных ліній высокапрадукцыйных кросаў, падтрымка стварэння сумесных прадпрыемстваў і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з мэтай развіцця ў Беларусі гусегадоўлі на аснове высокапрадукцыйных венгерскіх парод гусей, прыцягненне новых тэхналогій у вытворчасць птушкагадоўчай прадукцыі. Мемарандумам таксама прадугледжана супрацоўніцтва ў галіне навуковай і даследчай дзейнасці, абмену інфармацыяй, тэхнічнай дакументацыяй і вопытам правядзення селекцыйнай работы ў галіне племянной птушкагадоўлі.