21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Венесуэла разгледзелі механізмы развіцця сумесных зборачных прадпрыемстваў. Адпаведныя пытанні абмяркоўваліся 20 красавіка ў штаце Барынас на перагаворах міністра прамысловасці Беларусі Віталя Воўка і пасла Беларусі ў Венесуэле Алега Паферава з міністрам базавай стратэгічнай сацыялістычнай прамысловасці Венесуэлы Хуанам Арыясам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў беларускай дыпмісіі ў Венесуэле.
"Разгледжаны механізмы развіцця сумесных зборачных прадпрыемстваў, выхад іх на праектныя магутнасці, павелічэнне лакалізацыі з венесуэльскага боку, а таксама магчымасці выканання сустрэчных паставак венесуэльскай прадукцыі", - праінфармавалі ў пасольстве.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі новыя перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці і пацвердзілі сваю зацікаўленасць ва ўмацаванні двухбаковага ўзаемадзеяння па лініі прамысловай кааперацыі. У час візіту ў штат Барынас таксама адбылося наведванне сумесных прадпрыемстваў па зборцы грузавых аўтамабіляў МАЗ ВЕН, трактароў "ВенеМінск Тракторэс" і дарожна-будаўнічай тэхнікі "Макінар'яс Барынас".