5 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Венесуэла дагаворваюцца аб актывізацыі работы зборачных вытворчасцей за кошт паставак сыравіны. Аб гэтым міністр прамысловасці Беларусі Віталь Воўк паведаміў журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"У нас у Венесуэле ёсць прадпрыемствы. Мы сустракаліся з міністрам базавай стратэгічнай сацыялістычнай прамысловасці Венесуэлы Хуанам Арыясам, дамовіліся аб тым, што трэба, каб прадпрыемствы аднавілі сваю работу. Для гэтага дамовіліся аб узаемных пастаўках. Адтуль будзе або гарачабрыкетаванае жалеза, або алюміній. А назад будуць машынакамплекты", - расказаў міністр.
Паводле слоў Віталя Воўка, патрэбнасць у адпаведнай сыравіне ёсць у беларускіх прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку БМЗ. "Мы ўсё роўна гэта купляем. І алюмініевыя вырабы таксама купляем. А так рух пойдзе для аднаўлення работы вытворчасцей, - заўважыў ён. - Мы вырашылі разгледзець магчымасці венесуэльскай прамысловасці - купляць у іх той прадукт, які мы ўсё роўна купляем за межамі нашай краіны".
Ён удакладніў, што размова не ідзе непасрэдна аб таварным абмене, усе адпаведныя гандлёвыя здзелкі будуць ажыццяўляцца "праз грошы".
Адказваючы на пытанне, ці дасягнута канчатковая дамоўленасць наконт гэтага, Віталь Воўк сказаў, што бакі практычна ўжо на фінішнай прамой.
Цяпер сумесныя прадпрыемствы на тэрыторыі Венесуэлы ў асноўным займаюцца зборкай машынакамплектаў, што засталіся ад ранейшых паставак, сэрвісным абслугоўваннем.
У Венесуэле дзейнічае СП "МАЗВЕН" па зборцы грузавой тэхнікі маркі "МАЗ", СП "ВенеМінск Трактарэс" па зборцы трактароў "Беларус", завод па зборцы цяжкай дарожна-будаўнічай тэхнікі "Макінар'яс Барынас".