9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан зацікаўлены развіваць супрацоўніцтва ў тэкстыльнай галіне. Аб гэтым ішла размова ў час рабочай сустрэчы старшыні канцэрна "Беллегпрам" Мікалая Яфімчыка з хакімам (губернатарам) Ташкенцкай вобласці Узбекістана Гуламжонам Ібрагімавым, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт канцэрна.
У складзе ўзбекскай дэлегацыі былі таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Узбекістана ў Беларусі Насірджан Юсупаў, консул пасольства Узбекістана ў Беларусі Хаджы Акбар. "Удзельнікі рабочай сустрэчы праявілі зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва ў тэкстыльнай і гарбарна-абутковай галінах прадпрыемстваў канцэрна "Беллегпрам" і Узбекістана", - гаворыцца ў паведамленні.
Па выніках рабочай сустрэчы падпісаны пратакол аб намерах паміж "Беллегпрамам" і Ташкенцкай вобласцю Узбекістана.
Прадпрыемствы беларускага канцэрна экспартуюць ва Узбекістан у асноўным швейныя і трыкатажныя вырабы, палотны з цэлюлозных валокнаў, штучныя і сінтэтычныя тканіны, трыкатажныя палотны, тэкстыльную галантарэю. Аснову імпарту складаюць бавоўнавая пража, баваўнянае валакно і трыкатажныя баваўняныя палотны.