19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан правядуць у Ташкенце сумесны бізнес-форум. Пытанні яго арганізацыі абмяркоўваліся на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ва Узбекістане Леаніда Марыніча са старшынёй Гандлёва-прамысловай палаты Узбекістана Даўронам Вахабавым, паведамілі БЕЛТА ў беларускай дыпмісіі.
"У час сустрэчы абмеркаваны пытанні арганізацыі візіту дзелавых колаў Беларусі ва Узбекістан і беларуска-ўзбекскага бізнес-форуму ў Ташкенце 25 красавіка", - расказалі ў пасольстве.
Беларусь таксама рыхтуе нацыянальную экспазіцыю Made in Belarus для міжнароднай выстаўкі "Інапрам. Цэнтральная Азія", якая пройдзе 25-27 красавіка ва ўзбекскай сталіцы.
"На сустрэчы абмеркаваны пытанні пашырэння гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж Узбекістанам і Беларуссю, развіцця кантактаў дзелавых колаў дзвюх краін", - дадалі ў дыпмісіі.