6 лютага, Мінск /Юлія Неманкова - БЕЛТА/. Беларусь і Украіна падпісалі пратакол аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у двухбаковае міжурадавае пагадненне ад 17 снежня 1992 года, якое прадугледжвае поўную лібералізацыю аўтамабільных перавозак. Подпісы пад дакументам паставілі сёння міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка і міністр інфраструктуры Украіны Уладзіслаў Крыклій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Украіна стала трэцяй краінай, з якой мы падпісалі бездазвольную сістэму. Спадзяюся, што ўжо ў красавіку на сесіі дэпутаты разгледзяць адпаведны праект закона аб ратыфікацыі гэтага пратакола", - сказаў Аляксей Аўраменка.
У сваю чаргу Уладзіслаў Крыклій падкрэсліў, што да мая лібералізацыя аўтаперавозак павінна пачаць працаваць. "Законапраект павінна ратыфікаваць Вярхоўная рада. Я хацеў бы, каб у лютым-сакавіку гэта пытанне было ўключана ў парадак дня", - дадаў ён.
У час сустрэчы бакі таксама абмеркавалі пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў сферах воднага, чыгуначнага транспарту і авіяцыі. У прыватнасці, Дэпартаментам па авіяцыі Беларусі і Дзяржаўнай авіяцыйнай службай Украіны было парафіравана рабочае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы лётнай прыдатнасці. Дакумент нацэлены на спрашчэнне працэдур прызнання авіяцыйнымі ўладамі сертыфікацыйных дакументаў, якія выдаюцца на экспартуемую грамадзянскую авіяцыйную тэхніку.