23 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Украіна 24 ліпеня абмяркуюць магчымасць адмены дзеючых абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, у тым ліку ўведзенага Украінай імпартнага збору. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта пытанне будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні міжурадавай беларуска-ўкраінскай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое адбудзецца ў Чарнігаве. Мерапрыемства пройдзе пад кіраўніцтвам сустаршынь, якімі з'яўляюцца з беларускага боку - віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, з украінскага - віцэ-прэм'ер-міністр Генадзь Зубко.
У час пасяджэння плануецца разгледзець пытанні нарошчвання аб'ёмаў узаемнага гандлю, супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці і вытворчай кааперацыі, лізінгу, архітэктуры і будаўніцтва, стандартызацыі, аграпрамысловага комплексу, транспарту, аховы здароўя.
Акрамя таго, увага будзе ўдзелена абмеркаванню перспектыў рэалізацыі сумесных праектаў у такіх галінах, як паліўна-энергетычны сектар, машынабудаванне, фармацэўтыка.
Чакаецца, што дамоўленасці, дасягнутыя ў час пасяджэння, дадуць магчымасць у значнай меры актывізаваць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай па асноўных напрамках двухбаковага парадку дня і будуць садзейнічаць павелічэнню ўзаемнага тавараабароту.
Як паведаміў Дзмітрый Мірончык, у мэтах падрыхтоўкі пасяджэння сёння ў Чарнігаве праходзіць сустрэча экспертаў бакоў.
"Мы лічым аднаўленне работы міжурадавай камісіі значнай падзеяй. Яе папярэдняе пасяджэнне адбылося больш як два гады таму. Агульнавядома, што Украіна з'яўляецца адным з асноўных знешнеэканамічных партнёраў Беларусі. Апошнім часам неаднаразова беларуска-ўкраінскі гандаль перавышаў $6 млрд, а ў 2012 годзе ён дасягаў амаль $8 млрд", - сказаў прэс-сакратар МЗС.
Паводле яго слоў, беларускі бок не можа не хваляваць скарачэнне тавараабароту ў бягучым годзе. Хоць доля беларускіх тавараў на ўкраінскім рынку застаецца адносна стабільнай, прыкладна на ўзроўні 6 працэнтаў, у абсалютных лічбах экспарт скараціўся ў студзені-маі больш як на 40 працэнтаў. Пры гэтым павялічыўся продаж такіх тавараў, як угнаенні, камбайны, грузавыя аўтамабілі. Аднак у цэлым тэндэнцыя выклікае заклапочанасць беларускага боку і не з'яўляецца станоўчай, адзначыў Дзмітрый Мірончык. Ён дадаў, што не заўсёды скарачэнне адбываецца па аб'ектыўных прычынах. "Існуюць і штучныя перашкоды на шляху тавараабмену, такія як, у прыватнасці, імпартны збор. Мы разлічваем на тое, што міжурадавая камісія зможа адыграць станоўчую ролю і стане адным з дзейсных інструментаў стабілізацыі і нарошчвання ўзаемнага гандлю, а таксама зняцця праблемных пытанняў, - дадаў Дзмітрый Мірончык. - Беларусь і Украіна - суседзі, нам наканавана супрацоўнічаць і гандляваць".