24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Турцыя прадаўжаюць прапрацоўку праекта па арганізацыі грузавых перавозак па Дняпры. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі заявіла пасол Турцыі ў Беларусі Кезбан Нілвана Дарама, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
Размова ідзе аб будаўніцтве порта ў раёне вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. "Беларускі і турэцкі бакі вядуць прапрацоўку як сабекошту, так і рэнтабельнасці гэтага праекта, вывучаюць, у якія тэрміны ён можа быць рэалізаваны, - заявіла Кезбан Нілвана Дарама. - Цяпер гэта пытанне вельмі сур'ёзным чынам прапрацоўваецца ва ўсіх аспектах".
Паводле слоў пасла, на гэты час праводзіцца пошук фінансавых крыніц для рэалізацыі праекта. Дыпламат падкрэсліла, што яго ажыццяўленне стане альтэрнатывай для перавозчыкаў дзвюх краін, у якіх з'явіцца магчымасць пастаўляць груз па больш нізкіх цэнах.
Раней тэма грузавых перавозак па Дняпры неаднаразова абмяркоўвалася на розных узроўнях як у час беларуска-турэцкіх, так і беларуска-ўкраінскіх кантактаў. Восенню 2017 года кіраўнікі Гомельскай і Херсонскай абласцей, а таксама ТАА СП "НІБУЛОН" (г. Мікалаеў) падпісалі трохбаковы мемарандум аб супрацоўніцтве і партнёрстве ў мэтах рэалізацыі праекта па аднаўленні суднаходства па Дняпры. Ідэя праекта ў тым, каб загружаць на тэрыторыі Беларусі судны змешанага класа, якія змогуць дастаўляць грузы цераз Чорнае мора ў краіны Еўропы, Азіі і Афрыкі. Такому судну не спатрэбяцца дадатковыя перавалкі ў марскіх партах, што істотна зніжае кошт дастаўкі.
У яго рамках плануецца будаўніцтва порта "рака-мора" на глыбакаводным участку Дняпра ў раёне вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёна, які знаходзіцца практычна на граніцы з Украінай, а таксама будзе праведзена паглыбленне фарватару ракі на ўчастку паміж портам і Кіеўскім вадасховішчам. Гэты порт у перспектыве можа стаць вялікім транзітным вузлом, што злучае ўсходнюю і заходнюю часткі новага Шаўковага шляху з Кітая ў Еўропу і дасць магчымасць арганізаваць пастаўку беларускай прадукцыі на экспарт па Дняпры ў Чорнае мора.
У жніўні паведамлялася, што праектам зацікавіліся тры турэцкія кампаніі.