11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Турцыі аб супрацоўніцтве ў галіне выкарыстання ядзернай энергіі ў мірных мэтах падпісана ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі Беларусі.
Пагадненнем прадугледжваецца развіццё двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы фундаментальных і прыкладных даследаванняў і распрацовак у галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі, у тым ліку па выбары пляцовак, праектаванні, будаўніцтве, эксплуатацыі, мадэрнізацыі, выпрабаванні і тэхнічным абслугоўванні атамных электрастанцый і даследчых рэактараў.
Узаемадзеянне плануецца наладзіць у сферы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, пры распрацоўцы перадавых і інавацыйных атамных рэактараў і тэхналогій ядзернага паліўнага цыкла і інш.
З беларускага боку пагадненне падпісаў першы намеснік міністра энергетыкі Леанід Шанец, з турэцкага - міністр энергетыкі і прыродных рэсурсаў Берат Албайрак.