9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Турцыя абмяркоўваюць стварэнне грузавых зносін па рацэ Днепр, у тым ліку будаўніцтва рачнога порта ў пасёлку Ніжнія Жары Гомельскай вобласці. Гэтаму пытанню прысвечаны візіт у Беларусь 8-9 жніўня турэцкай дэлегацыі на ўзроўні экспертаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Турцыі.
"Гэты порт у перспектыве можа стаць буйным транзітным вузлом, які злучае ўсходнюю і заходнюю часткі новага Шаўковага шляху з Кітая ў Еўропу, - заявілі ў пасольстве. - Рэалізацыя гэтага праекта можа стварыць для Беларусі новыя магчымасці па арганізацыі экспартна-імпартных паставак тавараў, палепшыць лагістыку беларускіх грузаў, забяспечыць дадатковыя валютныя паступленні ў бюджэт, стварыць новыя рабочыя месцы і ў цэлым садзейнічаць росту канкурэнтаздольнасці прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў".
На цяперашнім этапе праектам зацікавіліся тры турэцкія кампаніі, прадстаўнікі якіх на ўзроўні вядучых профільных супрацоўнікаў уваходзяць у склад турэцкай дэлегацыі.
Праграма візіту турэцкай дэлегацыі ўключае сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі і Гомельскага аблвыканкама, а таксама наведванне месца будучага будаўніцтва порта ў Ніжніх Жарах для ўдакладнення некаторых тэхнічных дэталей праекта.
Як паведамлялася БЕЛТА, раней тэма грузавых зносін па Дняпры неаднаразова абмяркоўвалася на розных узроўнях як у ходзе беларуска-турэцкіх, так і беларуска-ўкраінскіх кантактаў. Восенню 2017 года кіраўнікі Гомельскай і Херсонскай абласцей, а таксама ТАА СП "НІБУЛОН" (г. Нікалаеў) падпісалі трохбаковы мемарандум аб супрацоўніцтве і партнёрстве з мэтай рэалізацыі праекта па аднаўленні суднаходства па Дняпры. Ідэя праекта заключаецца ў тым, каб загружаць на тэрыторыі Беларусі судны змешанага класа, якія змогуць дастаўляць грузы цераз Чорнае мора ў краіны Еўропы, Азіі і Афрыкі. Такому судну не спатрэбяцца дадатковыя перавалкі ў марскіх партах, што істотна зніжае кошт дастаўкі. У яго рамках плануецца будаўніцтва порта "рака-мора" на глыбакаводным участку Дняпра ў раёне вёскі Ніжнія Жары Брагінскага раёна, які знаходзіцца практычна на граніцы з Украінай, а таксама будзе праведзена паглыбленне фарватару ракі на ўчастку паміж портам і Кіеўскім вадасховішчам.