9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Італія распрацуюць дарожную карту эканамічнага супрацоўніцтва. Аб гэтым паведаміў 9 верасня прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з прэзідэнтам рэгіёна Ламбардыя Раберта Мароні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Тавараабарот з Італіяй $2 млрд, якія мы цяпер маем, можа быць павялічаны ў два-тры разы. Ужо ёсць дамоўленасць, што мы распрацуем дарожную карту для ўрадаў дзвюх краін, каб вырашыць існуючыя пытанні", - сказаў Андрэй Кабякоў.
Каб інтэнсіфікаваць адносіны паміж дзвюма краінамі, прапануецца стварыць Савет дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Італіі, у студзені 2016 года плануецца правесці пасяджэнне беларуска-італьянскай гандлёва-эканамічнай міжурадавай камісіі. Прадугледжваецца, што не пазней як у другім паўгоддзі 2016 года Беларусь наведае прадстаўнічая дэлегацыя італьянскіх бізнесменаў.
Андрэй Кабякоў таксама адзначыў, што Беларусь разглядае Ламбардыю як аднаго з прыярытэтных партнёраў сярод італьянскіх рэгіёнаў. У 2014 годзе экспарт з Беларусі ў Ламбардыю склаў 13,2 млн еўра (на 14,8 працэнта больш, чым у 2013 годзе), імпарт - 128,4 млн еўра (80,1 працэнта да ўзроўню 2013 года). Аснову беларускага экспарту склалі тканіны, скуры, прадукцыя хімічнай галіны, металы і металапрадукцыя, вырабы з драўніны. З Ламбардыі ў Беларусь пастаўляліся машыны і абсталяванне, адзенне і тэкстыльная прадукцыя, сінтэтычныя ніці, хімічныя рэчывы, будаўнічыя матэрыялы, вырабы з металу.