20 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Дзясятае пасяджэнне беларуска-таджыкскай міжурадавай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва 25-26 красавіка пройдзе ў Душанбэ. Аб гэтым паведаміў сёння на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Бакі плануюць намеціць перспектывы гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, абмеркаваць ход рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадарцы. У цэнтры ўвагі таксама будуць тэмы развіцця сувязей у галіне навукі і тэхнікі.
Асобная ўвага будзе ўдзелена тэматыцы прамысловай кааперацыі. Цяпер у Таджыкістане ажыццяўляецца праект па арганізацыі зборачнай вытворчасці навяснога і прычапнога абсталявання. Абмяркоўваецца магчымасць арганізацыі ў Таджыкістане зборкі трактароў "Беларус".
У якасці новых перспектыўных напрамкаў, прапанаваных да разгляду на пасяджэнні камісіі, будуць электраэнергетыка і газіфікацыя.