27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Сусветны банк рыхтуюць тры новыя інвестыцыйныя праекты, паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын у час рабочай сустрэчы з рэгіянальным дырэктарам Сусветнага банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У час сустрэчы абмяркоўваліся планы па рэалізацыі праектаў, фінансуемых Сусветным банкам, а таксама актуалізацыя дарожнай карты структурных рэформ. "На сёння ў актыўнай фазе падрыхтоўка трох інвестыцыйных праектаў. Гэта пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі ўрада", - сказаў Аляксандр Турчын.
Першы віцэ-прэм'ер таксама выказаў прапанову па рэалізацыі яшчэ аднаго праекта ў Беларусі. "Мы паспяхова разам з Сусветным банкам рэалізуем праект па рэканструкцыі аўтамабільнай трасы М6. Павышэнне транзітнага патэнцыялу - адзін з важнейшых напрамкаў развіцця нашай дзяржавы. Фактычна галоўная транспартная артэрыя краіны - траса М1. У свой час яна была пабудавана да Алімпіяды 1980 года, якая праходзіла ў Маскве. З улікам таго, што мінуў значны час, патрабуюцца пэўныя рамонтныя работы. Прапаную разгледзець гэту прапанову як адзін з праектаў, які мы маглі б прафінансаваць за кошт сродкаў Сусветнага банка", - адзначыў ён.
Сату Кахканен паведаміла, што ў бліжэйшы час адбудуцца змяненні ў кіраўніцтве Групы Сусветнага банка і будуць аналізавацца праграмы партнёрства з краінамі. У сувязі з гэтым праект, што рыхтуецца, па мадэрнізацыі сістэмы адукацыі і праект у сферы ЖКГ павінны быць зацверджаны да чэрвеня 2019 года, а ў хуткім часе пасля таго - і праект па энергаэфектыўнасці. "Мы ўжо на заключным этапе", - падкрэсліла яна.
За ўвесь перыяд супрацоўніцтва (1992-2018) Сусветны банк інвесціраваў каля $1,7 млрд у шэраг значных інфраструктурных праектаў у Беларусі. Па стане на 1 студзеня 2019 года дзеючы партфель Сусветнага банка ўключае восем інвестыцыйных праектаў з пазыковым фінансаваннем на агульную суму $790,1 млн і два гранты на агульную суму $7,3 млн.