11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Сусветны банк абмеркавалі магчымасць фінансавання праекта па мадэрнізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі па выніках перагавораў кіраўніка ведамства з кіраўніцтвам СБ.
Сустрэча Дзмітрыя Крутога з віцэ-прэзідэнтам Сусветнага банка Сірылам Мюлерам адбылася ў час удзелу ў штогадовым пасяджэнні Савета кіраўнікоў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Сараеве (Боснія і Герцагавіна). "Беларускі бок абазначыў перспектыўныя праекты на 2020-ы і наступныя гады. У прыватнасці, абмеркавалі магчымасць выдзялення фінансавання банка на праект па мадэрнізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі (65 млн еўра) і дадатковага фінансавання на праект па мадэрнізацыі сістэмы кіравання дзяржаўнымі фінансамі", - адзначылі ў Мінэканомікі. Для разгляду банку прапанаваны ў тым ліку праекты ў сферы энергаэфектыўнасці аб'ектаў сацыяльнай сферы (70 млн еўра), будаўніцтва станцый ачысткі ад прымясей жалеза ва ўсіх рэгіёнах краіны для забеспячэння насельніцтва чыстай вадой (180 млн еўра), а таксама шэраг аб'ектаў у транспартнай сферы.
Дзмітрый Крутой і Сірыл Мюлер абмеркавалі таксама падрыхтоўку двух новых інвестпраектаў, крэдытныя пагадненні па якіх плануецца падпісаць у бягучым годзе. Размова ідзе аб праекце "Павышэнне эфектыўнасці і якасці камунальных паслуг" (156 млн еўра), у рамках якога прадугледжваецца суфінансаванне Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) (66 млн еўра), а таксама "Павышэнне ўстойлівага энергакарыстання" (180 млн еўра), дзе фінансаванне таксама будзе ажыццёўлена раўнадолевым спосабам сумесна з ЕІБ (па 90 млн еўра).
"Першы праект прадугледжвае мадэрнізацыю 25 аб'ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення, будаўніцтва трох рэгіянальных палігонаў абыходжання з камунальнымі адходамі, а таксама падтрымку працэсу рэформ у гэтай сферы, накіраваных на істотны рост аб'ёмаў збору, перапрацоўкі і ўключэння ў новы гаспадарчы абарот усіх відаў адходаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў", - расказалі ў міністэрстве. Уключаныя ў праект аб'екты размешчаны ва ўсіх абласцях Беларусі і з'яўляюцца сацыяльна значнымі для канкрэтных раёнаў і населеных пунктаў. Чакаецца таксама, што рэалізацыя праекта дасць магчымасць павялічыць колькасць грамадзян, забяспечаных цэнтралізаваным водазабеспячэннем палепшанай якасці.
Другі праект накіраваны на пашырэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва (драўнянай біямасы) для цэнтралізаванага цеплазабеспячэння і павелічэнне інвестыцый у цеплавую рэнавацыю жылых дамоў. У рамках гэтага праекта плануецца прафінансаваць перавод неэфектыўных газавых кацельняў на драўняныя шчэпкі, мадэрнізацыю існуючых сістэм цеплазабеспячэння, а таксама мерапрыемствы па ўцяпленні шматкватэрных будынкаў і ўстаноўку ў кватэрах індывідуальных лічыльнікаў рэгулявання цяпла самімі жыльцамі.
Як паведамлялася, 26 красавіка міністр адукацыі Ігар Карпенка і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандр Крэмер падпісалі пагадненне аб дадатковым фінансаванні праекта па мадэрнізацыі сістэмы адукацыі Беларусі. Выдзеленае фінансаванне дасць магчымасць правесці капітальны рамонт у 220 школах ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, абнавіць абсталяванне ў 262 навучальных класах, правесці наступны этап даследаванняў адукацыйных дасягненняў навучэнцаў і пашырыць інфармацыйную сістэму кіравання на ўсе ўзроўні адукацыі.
Партфель дзеючых праектаў банка ў Беларусі складае $800 млн плюс грантавыя пагадненні.
Супрацоўніцтва з Сусветным банкам цяпер грунтуецца на прынятай у 2018 годзе стратэгіі партнёрства Групы Сусветнага банка на 2018-2022 гады. За ўвесь перыяд супрацоўніцтва з 1992 па 2019 год агульны аб'ём выдзеленых інвестыцый Сусветнага банка ў эканоміку Беларусі склаў больш за $1,7 млрд.