9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Сірыя працуюць над стварэннем зборачнай вытворчасці тэхнікі ААТ "МАЗ". Аб гэтым ішла размова на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Сірыі Аляксандра Панамарова з міністрам прамысловасці Сірыі, сустаршынёй сумеснай беларуска-сірыйскай камісіі па гандлёвым, эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве Камалем эд-Дзін Таамам і кіраўніком Камісіі па планаванні і міжнародным супрацоўніцтве Сірыі Кайсам Худэрам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
З беларускага боку ў сустрэчы прынялі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемства. "Асноўнай тэмай размовы стала абмеркаванне пытанняў экспартнага крэдытавання паставак у Сірыю аўтатэхнікі ААТ "МАЗ". Бакі пацвердзілі зацікаўленасць у далейшай сумеснай рабоце як па аднаўленні паставак беларускай аўтатэхнікі на сірыйскі рынак, так і па стварэнні ў перспектыве ў Сірыі зборачнай вытворчасці тэхнікі беларускага прадпрыемства", - расказалі ў прэс-службе.
Адбыўся таксама абмен думкамі аб ходзе выканання асобных дамоўленасцей, дасягнутых у красавіку 2015 года ў ходзе пасяджэння беларуска-сірыйскай міжурадавай камісіі па гандлёвым, эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве.