29 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Славенія 29 верасня падпісалі сумесную дэкларацыю па супрацоўніцтве ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэты дакумент заключаны паміж Міністэрствам энергетыкі Беларусі і Міністэрствам інфраструктуры Славеніі па выніках праведзенага пятага пасяджэння беларуска-славенскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
Такім чынам, ствараецца прававая аснова для супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі па розных напрамках у мірным выкарыстанні атама. Размова ідзе аб абмене вопытам, падрыхтоўцы спецыялістаў для АЭС, навукова-даследчай рабоце. Як чакаецца, у мэтах развіцця дэкларацыі ў перспектыве будуць падпісаны і іншыя беларуска-славенскія дакументы, што рэгламентуюць узаемадзеянне ў гэтай сферы.