10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія ўзгаднілі сумесны адказ на санкцыі з боку Захаду. Адпаведная дамоўленасць змешчана ў сумеснай заяве кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расіі Рамана Галоўчанкі і Міхаіла Мішусціна аб бягучым развіцці і далейшых кроках па паглыбленні інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кіраўнікі ўрадаў адзначаюць, што пазітыўнаму развіццю Саюзнай дзяржавы, умацаванню нацыянальных эканомік, вырашэнню жыццёва важных для грамадзян РФ і Беларусі сацыяльных задач перашкаджаюць дэструктыўныя, супярэчныя міжнароднаму праву дзеянні шэрага заходніх дзяржаў і структур. У сувязі з гэтым узгоднены сумесныя дзеянні ва ўмовах прымянення нелегітымных эканамічных санкцый у адносінах да дзвюх краін", - гаворыцца ў заяве.
Беларускі і расійскі бакі адзначаюць таксама цвёрды намер не спыняцца на дасягнутым, нарошчваць сумесныя намаганні па паглыбленні інтэграцыйных працэсаў у рамках саюзнага будаўніцтва. Будзе прадоўжана рэалізацыя ўсіх асноватворных палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года, накіраваных на ўмацаванне інтэграцыі дзвюх краін.
Кіраўнікі ўрадаў дамовіліся прадоўжыць работу па гарманізацыі інтэграцыйных працэсаў у рамках шматбаковых аб'яднанняў, перш за ўсё Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Еўразійскага эканамічнага саюза, у тым ліку ў мэтах фарміравання Вялікага Еўразійскага партнёрства і адзінай эканамічнай прасторы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна.