3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія ўзгаднілі алгарытм узаемадзеяння ў прамысловай палітыцы, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сёння па выніках сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Расіі Юрыем Барысавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Напэўна, рана гаварыць, што прыняты нейкія рашэнні, якія прывядуць да неадкладнага выніку. Самае галоўнае, што мы ўзгаднілі алгарытм далейшага ўзаемадзеяння не толькі міністэрстваў і ведамстваў, але і канкрэтных прадпрыемстваў і аб'яднанняў прадпрыемстваў, канцэрнаў, карпарацый. Літаральна ў бліжэйшы час яны правядуць серыю інтэнсіўных сустрэч у форме круглых сталоў, канферэнцый", - сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, гэта мерапрыемствы "па ўзгадненні далейшай прамысловай палітыкі і яе развіцця ў інтарэсах умацавання агульнага прамысловага патэнцыялу Расіі і Беларусі".
Раман Галоўчанка растлумачыў, што абмеркаваныя сёння пытанні закраналі ўвесь спектр узаемаадносін Беларусі і Расіі ў сферы прамысловасці, абаронна-прамысловага комплексу, даследавання касмічнай прасторы.