13 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь і Расія ўнеслі змяненні ў ранейшыя пагадненні ў нафтагазавай сферы. Адпаведныя пратаколы падпісалі сёння ў Маскве віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка і міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч, усяго бакі падпісалі 4 дакументы. У іх ліку пратаколы аб унясенні змяненняў у міжурадавае пагадненне аб парадку фарміравання цэн на пастаўкі газу ў Беларусь і далейшым супрацоўніцтве ў газавай сферы, аб умовах далейшай дзейнасці ААТ "Белтрансгаз" і мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў.
"На аснове ўзаемнага даверу, разумення агульных стратэгічных інтарэсаў мы змаглі знайсці агульныя падыходы і пасля сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін у Санкт-Пецярбургу поўнасцю ўрэгулявалі існуючыя праблемы", - сказаў Аркадзь Дварковіч.
Ён дадаў, што ў бліжэйшыя гадзіны будуць падпісаны камерцыйныя дакументы ў газавай сферы, "якія дадуць магчымасць адысці ад праблем у бліжэйшыя гады".
Паводле слоў расійскага віцэ-прэм'ера, бакі дамовіліся распрацаваць дарожную карту фарміравання агульных рынкаў газу і электраэнергіі. Ён таксама выказаў надзею на плённае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў іншых сферах, у тым ліку ў прамысловасці і высокіх тэхналогіях.
Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка адзначыў, што бакамі адрэгуляваны не толькі спрэчныя пытанні, якія ўзніклі ў 2016-2017 гадах, але і вызначаны ўмовы работы ў 2018 і 2019 гадах. "Мы зрабілі мосцік на будучую перспектыву - да адзінага рынку электраэнергіі і газу", - сказаў ён. Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што адным з асноўных матываў удзелу Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе з'яўляецца стварэнне роўных умоў гаспадарання. У бліжэйшы час плануецца распрацаваць базавыя ўмовы функцыянавання агульных рынкаў газу і электраэнергіі.