23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія на V Форуме рэгіёнаў плануюць падпісаць кантракты на $500 млн. Аб гэтым сёння журналістам паведаміла намеснік старшыні Савета Рэспублікі, старшыня арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Мар'яна Шчоткіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы плануем узяць рубеж прыкладна $500 млн па выніках заключэння кантрактаў. Работа ідзе па ўсіх напрамках", - праінфармавала яна.
Акрамя таго, цяпер у рабоце знаходзяцца амаль 50 пагадненняў, у тым ліку 20 паміж урадам Беларусі і ўрадамі рэгіёнаў РФ і 29 міжрэгіянальных (выканаўчай улады і Саветаў дэпутатаў на абласным і раённым узроўнях).
Упершыню на форуме пройдзе пасяджэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва. Мар'яна Шчоткіна ўпэўнена, што дыялог, які павінен там адбыцца, унясе важкі ўклад у развіццё двухбаковага супрацоўніцтва. "Мы запланавалі абмеркаванне праблемных пытанняў. Гэта роўныя правы суб'ектаў гаспадарання, рынкі без выключэнняў і абмежаванняў і іншыя", - сказала віцэ-спікер.
Паводле слоў Мар'яны Шчоткінай, на форуме плануецца абмеркаваць сумесныя праекты ў навуцы, маладзёжнай палітыцы. Беларускі бок разлічвае, што па выніках форуму будуць выказаны прапановы па сумесных праектах і праграмах у Саюзнай дзяржаве.
V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Магілёве 11-12 кастрычніка. Арганізатарам выступаюць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі пры садзейнічанні Магілёўскага аблвыканкама. Сёння ў Мінску праходзіць пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні форуму.