24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Ісламскай Рэспубліцы Пакістан Андрэй Мяцеліца сустрэўся з саветнікам прэм'ер-міністра Пакістана па гандлі і інвестыцыях у статусе федэральнага міністра гандлю, сустаршынёй сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве Абдулам Разакам Давудам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі падрыхтоўку да шостага пасяджэння міжурадавай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве. Адбыўся абмен думкамі аб праведзеных за мінулыя сем месяцаў двухбаковых мерапрыемствах, уключаючы рабочыя групы, дзелавы савет, візіты афіцыйных і дзелавых дэлегацый.
Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні анлайн-сустрэчы на ўзроўні намеснікаў міністраў, адказных за работу камісіі для ўзгаднення мадальнасцей арганізацыі сумеснага пасяджэння. Субяседнікі таксама абазначылі перспектыўныя сферы ўзаемадзеяння, у тым ліку ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, лёгкай прамысловасці і нафтахіміі.
Пацверджана ўзаемная зацікаўленасць садзейнічаць павелічэнню тавараабароту і развіццю эканамічнай кааперацыі Беларусі і Пакістана.