18 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Расіі Ігара Петрышэнкі з віцэ-губернатарам Ленінградскай вобласці - старшынёй камітэта па аграпрамысловым і рыбагаспадарчым комплексе Сяргеем Яхнюком і віцэ-губернатарам Ленінградскай вобласці па жыллёва-камунальнай гаспадарцы і паліўна-энергетычным комплексе Юрыем Пахомаўскім адбылася 17 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе пасольства.
"Бакі адзначылі паспяховую рэалізацыю праграмы гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж урадам Ленінградскай вобласці і ўрадам Беларусі на 2013-2015 гады, - адзначылі ў прэс-службе. - З улікам завяршэння гэтай праграмы была падкрэслена неабходнасць распрацоўкі новай дарожнай карты супрацоўніцтва, якую плануецца падпісаць у час візіту кіраўніцтва Ленінградскай вобласці ў Беларусь восенню 2015 года".
Асобнай тэмай абмеркавання сталі пытанні пастаўкі сельскагаспадарчай, жыллёва-камунальнай і пасажырскай тэхнікі беларускай вытворчасці. Ігар Петрышэнка адзначыў таксама зацікаўленасць беларускага боку ў пашырэнні паставак прадуктаў і абнаўленні ліфтавай гаспадаркі рэгіёна.
Віцэ-губернатар Ленінградскай вобласці Юрый Пахомаўскі запрасіў Беларусь прыняць удзел у Міжнароднай аграпрамысловай выстаўцы-кірмашы "Аграрусь-2015", якая пройдзе з 22 па 30 жніўня. Акрамя таго, бакі абмеркавалі ўдзел Беларусі і Ленінградскай вобласці ў Другім форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе ў Вялікім Ноўгарадзе ў верасні 2015 года.
Ленінградская вобласць - адзін з найбуйнейшых гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі сярод рэгіёнаў Расіі. Агульны тавараабарот у 2014 годзе склаў $518,7 млн, беларускі экспарт - $246,9 млн, імпарт - $271,8 млн. Аснова экспарту - нафтапрадукты, мяса дамашняй птушкі, сінтэтычныя валокны, імпарту - легкавыя аўтамабілі, мінеральныя ўгнаенні, тытунь і яго заменнікі.