25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кубе Аляксандр Аляксандраў уручыў даверчыя граматы намесніку старшыні Дзяржаўнага савета Кубы Глэдзіс Бехерана Партэла. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
У час размовы намеснік старшыні Дзяржсавета Кубы адзначыла высокі ўзровень адносін і ўзаемаразумення паміж дзвюма краінамі па ўсіх напрамках супрацоўніцтва. Яна падкрэсліла, што Кубу і Беларусь аб'ядноўваюць правераныя часам цесныя дружалюбныя сувязі і выказала надзею, што далейшая работа пасла Беларусі ўвянчаецца новымі поспехамі ў развіцці шматпланавага міждзяржаўнага супрацоўніцтва.
Аляксандр Аляксандраў падкрэсліў важнасць нарошчвання ўсебаковага ўзаемадзеяння з акцэнтам на пашырэнні двухбаковых гандлёвых і кааперацыйных сувязей.
Бакі адзначылі важнасць канцэнтравання намаганняў на ўмацаванні беларуска-кубінскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.