1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і кітайская правінцыя Ганьсу рэалізуюць сем сумесных праектаў. Ход іх ажыццяўлення абмяркоўваўся сёння на сустрэчы намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Анатоля Калініна з кіраўніком прадстаўніцтва Таварыства знешняга гандлю правінцыі Ганьсу (КНР) у Беларусі Дзінам Жуцзюнем, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Размова ішла аб рэалізацыі такіх сумесных праектаў, як арганізацыя вытворчасці соладу з карпарацыяй "Цзюйсінь Солад" і вытворчасці ПВХ-труб з кампаніяй "Неду" (рэалізуюцца ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень"); стварэнне карпарацыяй "Ганьсу Цюаньшэн" і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам Цэнтра гандлю, культуры, навукі і тэхнікі; супрацоўніцтва з кампаніяй "Электрарухавікі Ланьчжоў"; будаўніцтва лагістычнага цэнтра ў Гродзенскай вобласці; стварэнне Беларуска-кітайскага цэнтра гандлёвага супрацоўніцтва; рэканструкцыя гасцініцы "Гродна".
Акрамя таго, былі абмеркаваны перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння Беларусі з правінцыяй Ганьсу ў галіне турызму, сельскай гаспадаркі, медыцыны і культуры, у прыватнасці, пытанне арганізацыі гастролей кітайскага балета "Сылу Хуаюй".
Анатоль Калінін падкрэсліў важнасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва для далейшай актывізацыі беларуска-кітайскіх сувязей.