18 жніўня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Беларусь і Кітай плануюць рэалізаваць у 2016-2017 гадах каля 30 сумесных навукова-тэхнічных праектаў, паведаміў сёння журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін перад пачаткам пасяджэння беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У 2016-2017 гадах Беларусь і Кітай плануюць рэалізаваць 28 сумесных навуковых і навукова-тэхнічных праектаў. Іх пералік быў зацверджаны па выніках работы першага пасяджэння камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, якое адбылося ў чэрвені бягучага года ў Мінску і Брэсце. Сёння мы рэалізуем праекты на $1,6 млн, па новых праектах сума будзе значна большая - прамога фінансавання прадугледжваецца ўжо больш за $5 млн", - паведаміў ён.
Аляксандр Шумілін падкрэсліў, што колькасць сумесных праектаў узрасла на 40 працэнтаў. "Гэта сведчыць аб жаданні і кітайскіх, і беларускіх вучоных супрацоўнічаць і рэалізоўваць сумесныя праекты. Яшчэ вельмі важнае новаўвядзенне - упершыню Міністэрства навукі і тэхнікі Кітая прапрацоўвае пытанне прамога мэтавага фінансавання гэтых праектаў. Раней такога не было, фінансаванне ішло па розных лініях", - адзначыў ён.
Размова ідзе аб праектах у галіне нанатэхналогій, машынабудавання, умацавання розных металаў, стварэння новых узораў раслін, медыцыны, даследавання абароны карпусоў суднаў ад водарасцей. "У нас у Беларусі няма мора, але ёсць тэхналогія, якая дае магчымасць абараняць карпусы суднаў ад водарасцей", - растлумачыў старшыня ДКНТ.
Цяпер Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях і Міністэрства навукі і тэхнікі працуюць над падрыхтоўкай адпаведнай заканадаўчай базы ў галіне фінансавання сумесных навукова-тэхнічных праектаў. Таму ў бліжэйшы час трэба чакаць падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве ў галіне сумеснага фінансавання кітайска-беларускіх навуковых і навукова-тэхнічных праектаў.