28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кітай плануюць развіваць супрацоўніцтва ў мытнай сферы. Аб гэтым ішла размова ў час пасяджэння Камісіі па мытным і каранцінным супрацоўніцтве Беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, паведамілі БЕЛТА ў Дзяржаўным мытным камітэце.
У пасяджэнні камісіі ў рэжыме відэаканферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі мытных органаў Беларусі і Кітая, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і пасольства Беларусі ў Кітаі. Бакі адзначылі актыўнае ўзаемадзеянне мытных, ветэрынарна-санітарных і фітасанітарных службаў Беларусі і мытнай службы Кітая, высокія вынікі двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама ўсё большую колькасць сумесных праектаў у сувязі з ростам узаемнага гандлю Беларусі і Кітая. Удзельнікі падкрэслілі стратэгічнае геапалітычнае становішча Беларусі ў рамках чыгуначнага маршруту Кітай - Еўропа ініцыятывы "Пояс і шлях", а таксама патэнцыял нарошчвання такіх перавозак.
Таксама былі разгледжаны пытанні развіцця інстытута ўпаўнаважаных эканамічных аператараў і пашырэння акрэдытацыі беларускіх вытворцаў на кітайскім рынку. Адзначана зацікаўленасць у больш цесным узаемадзеянні паміж мытнымі органамі Беларусі і мытнямі ключавых гарадоў дастаўкі і мытнага афармлення беларускіх тавараў у Кітаі. Бакі дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў, у тым ліку шляхам правядзення сумесных семінараў, навуковых і прафесійных абменаў.
Таксама ў ходзе пасяджэння зацверджана палажэнне аб камісіі, створаны рабочыя групы па мытным і каранцінным супрацоўніцтве, падпісаны міжнародны дагавор, які прадугледжвае абмен электроннымі звесткамі аб таварах і чыгуначных сродках, што перамяшчаюцца праз тэрыторыю Беларусі і Кітая.