13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" наведала дэлегацыя з правінцыі Гуандун на чале з намеснікам старшыні Пастаяннага камітэта УСНП Е Чжэньцінем, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе індустрыяльнага парка.
Госці азнаёміліся з гісторыяй парка і яго прэферэнцыйным рэжымам. У рамках візіту быў зарэгістраваны новы рэзідэнт парка - ТАА "Юдзі-Бел Інтэрнэшнл", заснавальнікам якога з'яўляецца кампанія з правінцыі Гуандун Guangzhou Youdi Bio-technology Co., Ltd. Рэзідэнт парка створыць вытворчы цэнтр па выпуску тэст-сістэм для дыягностыкі захворванняў.
Таксама паміж органамі ўпраўлення парка і кампаніяй Guangzhou Youdi Bio-technology Co., Ltd. падпісана пагадненне аб намерах супрацоўніцтва па сумесным будаўніцтве біяфармацэўтычнага парка Гуандун-Беларусь.