9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Казахстан дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва ў галіне сувязі і інфарматызацыі. Аб гэтым ішла размова на рабочай сустрэчы першага намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Паўла Ткача з віцэ-міністрам лічбавага развіцця, інавацый і аэракасмічнай прамысловасці Казахстана Асетам Турысавым, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Мінсувязі.
Бакі абмяняліся вопытам пабудовы рэспубліканскіх інфармацыйных сістэм, укаранення і развіцця міжведамаснага электроннага дакументаабароту, цэнтралізаванага захоўвання электронных дакументаў і архіваў. Абмяркоўвалася і ўзаемадзеянне як у Еўразійскім эканамічным саюзе, так і на двухбаковай аснове па арганізацыі сістэмы міжкраінавага электроннага дакументаабароту, якая цяпер прапрацоўваецца.
"Па выніках сустрэчы дасягнуты дамоўленасці па пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне сувязі і інфарматызацыі з улікам рэалізуемых у Беларусі і Казахстане дзяржаўных праграм лічбавага развіцця, далейшым узаемадзеянні па напрамках электроннага дакументаабароту, узаемным удзеле ў галіновых спецыялізаваных выстаўках і форумах у галіне сувязі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій", - гаворыцца ў паведамленні ведамства.