28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый Амбразевіч 27 верасня ў Вене сустрэўся з намеснікам генеральнага дырэктара, кіруючым дырэктарам дэпартамента карпаратыўных паслуг і аперацый Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА) Юка Ясунагам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў Пастаянным прадстаўніцтве Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене.
Намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў важнасць намаганняў ЮНІДА па садзейнічанні прамысловаму развіццю краін з сярэднім узроўнем даходу і пераходу да новых экалагічных стандартаў і тэхналогій.
Акрамя таго, субяседнікі абмеркавалі бягучую праектную дзейнасць ЮНІДА ў Беларусі. У прыватнасці, размова ішла аб рэалізуемым у нашай краіне праекце ў сферы разумнай вытворчасці (Брэст). Бакі пацвердзілі зацікаўленасць у падрыхтоўцы на яго аснове новага праекта ў Магілёўскай вобласці і праекта ў сферы эка-індустрыяльных паркаў.