22 красавіка, Тбілісі /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Грузія ў час праводзімага ў Тбілісі беларуска-грузінскага бізнес-форуму падпісалі пяць кантрактаў на агульную суму $4 млн, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, падпісаны кантракты ў сферы машынабудавання, нафтахіміі, у харчовай галіне.
Для ўдзелу ў форуме ў Тбілісі прыбылі прадстаўнікі 42 беларускіх кампаній. З грузінскага боку ў ім прымае ўдзел больш за 200 кампаній. Гэта прадстаўнікі фармацэўтычнай, харчовай галіны, сельскай гаспадаркі, машынабудавання, дрэваапрацоўкі. Беларускі бок прадставіў увазе грузінскіх партнёраў інфармацыю аб эканамічным патэнцыяле краіны, інструментах падтрымкі беларускага экспарту, асаблівасцях вядзення бізнесу ў Беларусі з улікам членства краіны ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Тут таксама прайшла дэгустацыя беларускай прадукцыі.
Як расказаў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў, сёння ў Тбілісі адбудзецца шэраг сустрэч, у тым ліку з прадстаўнікамі гандлёвых сетак. Беларускі бок чакае, што па выніках перагавораў будуць вызначаны новыя кантракты на пастаўку прадуктаў харчавання з Беларусі ў Грузію.
У гандлёвым абароце Беларусі Грузія займае 57-е месца са 170 краін, з якімі наладжаны эканамічныя сувязі. Міхаіл Мятлікаў лічыць, што патэнцыял беларуска-грузінскага супрацоўніцтва значна большы і ў бліжэйшы год аб'ём тавараабароту можа быць павялічаны як мінімум у два разы. З грузінскага боку ёсць вялікі інтарэс да паставак з Беларусі фармацэўтычнай прадукцыі, мэблі, будматэрыялаў. Аднак, на думку старшыні БелГПП, будучае ў двухбаковым супрацоўніцтве за вытворчай кааперацыяй.