11 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Францыя створаць рабочыя групы па супрацоўніцтве ў сферах турызму, аховы навакольнага асяроддзя і сельскай гаспадаркі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка ў час семінара кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы дамовіліся стварыць рабочую групу па супрацоўніцтве ў сферы турызму. Яна павінна быць створана да канца бягучага года, а першае пасяджэнне пройдзе яшчэ ў гэтым годзе ў Парыжы. Мы дамовіліся таксама правесці першае пасяджэнне рабочай групы па ахове навакольнага асяроддзя. Плануецца, што яно пройдзе ў кастрычніку-лістападзе ў Мінску", - расказаў Павел Латушка.
У перспектыве, выказаў надзею дыпламат, павінна з'явіцца рабочая група па супрацоўніцтве ў сельскай гаспадарцы.
Яшчэ адным напрамкам у развіцці партнёрства паміж Беларуссю і Францыяй стане пашырэнне ўзаемадзення паміж рэгіёнамі. "У гэтым годзе мы плануем правесці ў Мінску першы беларуска-французскі міжрэгіянальны форум, - прывёў прыклад пасол. - Наступны крок, які мы хацелі б зрабіць, - узняць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва на ўзровень абласных адміністрацыйных адзінак".