16 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Францыя абмеркавалі рэалізацыю інвестпраектаў і развіццё супрацоўніцтва бізнесменаў. Гэтыя пытанні разгледжаны ў час візіту 15-16 сакавіка ў Францыю намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
У прыватнасці, адбылася сустрэча Алега Краўчанкі з дзяржаўным сакратаром МЗС Францыі Жанам Бацістам Лемуанам, разглядалася развіццё двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва, перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі з Еўрапейскім саюзам, у тым ліку па лініі "Усходняга партнёрства", пытанні міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. Значная ўвага ўдзелена падрыхтоўцы трэцяга пасяджэння сумеснай беларуска-французскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, якое адбудзецца ў гэтым годзе ў Мінску. Бакі таксама абмеркавалі ажыццяўленне ў Беларусі інвестыцыйных праектаў з удзелам французскіх кампаній, перспектывы пашырэння кантактаў паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў абедзвюх краін.
Двухбаковае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях падрабязна абмеркаваны ў ходзе кансультацый Алега Краўчанкі з дырэктарам дэпартамента кантынентальнай Еўропы МЗС Францыі Флоранс Манжан. Бакі ўзгаднілі крокі, накіраваныя на актывізацыю дыялогу ў галіне палітыкі, эканомікі і культуры.
На сустрэчах са старшынёй групы дружбы "Францыя-Беларусь" Сената Шарлем Генэ і старшынёй камісіі па еўрапейскіх справах Жанам Бізэ, а таксама з віцэ-старшынёй Нацыянальнай асамблеі Францыі Кароль Бюро-Банар і старшынёй групы дружбы "Францыя-Беларусь" Нацыянальнай асамблеі Крыстофам Лёжэнам разглядалася развіццё двухбаковых адносін, магчымасці пашырэння міжпарламенцкіх сувязей, перспектывы развіцця кантактаў паміж рэгіёнамі дзвюх краін у галінах эканомікі і культуры.
Запланавана таксама сустрэча з кіраўніком аднаго з буйнейшых аналітычных цэнтраў, дырэктарам Французскага інстытута міжнародных адносін Томасам Гамарам.