7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Арабскай Рэспубліцы Егіпет Сяргей Цярэнцьеў 6 снежня сустрэўся з намеснікам міністра ваеннай прамысловасці, выканаўчым дырэктарам Нацыянальнай арганізацыі ваеннай прамысловасці Егіпта Махамедам Салах Эль-Дзінам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У ходзе сустрэчы бакі разгледзелі шэраг актуальных пытанняў беларуска-егіпецкага прамысловага супрацоўніцтва. На перагаворах абмеркаваны перспектывы далейшага развіцця ў Егіпце сумесных вытворчасцей грузавой, трактарнай, дарожна-будаўнічай тэхнікі, рухавікоў, а таксама мадэрнізацыі вытворчых ліній.
Акрамя таго, размова ішла аб арганізацыі сэрвіснага абслугоўвання і маркетынгу сумеснай прадукцыі, у тым ліку ў краінах Афрыкі.