28 верасня, Нью-Ёрк /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь і Егіпет распрацуюць дарожную карту гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Аб гэтым дамовіліся прэзідэнты дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Абдэль Фатах аль-Сісі на сустрэчы 28 верасня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дарожная карта будзе распрацавана на пасяджэнні міжурадавай камісіі, якое пройдзе да канца года ў Каіры.
Лідары дзвюх дзяржаў абмеркавалі ідэю рэалізацыі шматбаковых эканамічных праектаў з удзелам Беларусі, Егіпта і трэціх краін.
Гэта першая сустрэча лідараў дзвюх краін. Прэзідэнты дамовіліся аб абмене візітамі паміж Беларуссю і Егіптам на вышэйшым узроўні.
Кіраўнікі дзяржаў таксама пацвердзілі стабільнасць і ўстойлівасць адносін паміж Беларуссю і Егіптам, трывалыя традыцыі ўзаемнага разумення і падтрымкі, у тым ліку ў шматбаковых міжнародных арганізацыях.