18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Егіпет маюць намер ствараць сумесныя прадукты для краін Афрыкі і Еўразіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Патэнцыял супрацоўніцтва ў нашых краін вялікі. Беларусь уваходзіць у Еўразійскі эканамічны саюз. Егіпет з'яўляецца ўдзельнікам многіх інтэграцыйных аб'яднанняў, перш за ўсё ў Афрыцы. Нам ёсць што прапанаваць гэтаму рэгіёну. Таму неабходна і далей працаваць разам, ствараць сумесныя прадукты для іх рэалізацыі як у Афрыцы, так і ў Еўразіі", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Апошнім часам краіны пачалі выкананне некалькіх сумесных праектаў у галіне вытворчасці аўтатэхнікі, трактароў, пагрузчыкаў, сельскагаспадарчага абсталявання, збожжасховішчаў, цяпліц. Вучоныя Беларусі і Егіпта супрацоўнічаюць у сферах нанаматэрыялаў, малекулярнай генетыкі, металазнаўства, аэракасмічных тэхналогій.
"Разлічваем, што вынікі гэтай сумеснай работы ў бліжэйшы час знойдуць практычнае прымяненне ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у галіне забеспячэння бяспекі Беларусі і Егіпта", - адзначыў Прэзідэнт. - Мы падзяліліся вопытам стварэння высокатэхналагічных цяплічных комплексаў, вытворчасці дзіцячага харчавання, жытняга хлеба, утылізацыі адходаў, стварэння беспілотных лятальных апаратаў, укаранення электроннага ўрада".
Егіпецкія прадстаўнікі таксама азнаёміліся з беларускімі тэхналогіямі процідзеяння кіберпагрозам і забеспячэння бяспекі пры правядзенні масавых спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку ў рамках падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў. Беларускія спецыялісты правялі вучэбны курс у галіне дызайну і вытворчасці мэблі для егіпецкіх калег.
"Усё гэта зроблена за два з нечым гады. Упэўнены, калі мы будзем рухацца наперад такімі ж тэмпамі, з такім жа рашучым настроем і настойлівасцю, то ў бліжэйшы час будзе запушчана яшчэ больш сумесных праектаў у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, адукацыі, бяспекі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
У час перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Абдэль Фатах ас-Сісі дамовіліся, што разам з умацаваннем палітычных адносін, пашырэннем узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях краіны будуць і далей развіваць беларуска-егіпецкае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, выводзіць яго на новы, больш высокі, якасны і рэзультатыўны ўзровень.