20 сакавіка, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Беларусь і Бельгія маюць намер стварыць сумеснае прадпрыемства - агенцтва па экспарце. Адпаведны пратакол аб намерах быў падпісаны сёння ў Міністэрстве эканомікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта прадпрыемства, якое будзе размешчана ў Бельгіі, выступіць стратэгічным партнёрам для бельгійскіх і іншых еўрапейскіх кампаній, зацікаўленых у развіцці бізнесу ў Беларусі і краінах Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама для беларускіх кампаній і інвестараў у працэсе выхаду на бельгійскі і іншыя еўрапейскія рынкі.
З боку Беларусі дакумент падпісалі дырэктар Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Мінэканомікі Аляксандр Чарвякоў і дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн Міністэрства замежных спраў Барыс Смолкін. З бельгійскага боку - генеральны дырэктар бельгійскай кампаніі TSE Agency Эцьен Ваўцье, ён прадстаўляе групу бельгійскіх бізнесменаў, якія выступілі з ініцыятывай рэалізацыі гэтага праекта. Асноўны офіс прадпрыемства будзе размешчаны ў Бельгіі. Сваю падтрымку гэтаму праекту акажа валонскае агенцтва па экспарце-імпарце Awex (Бельгія).
Цырымонія падпісання адбылася ў прысутнасці міністра эканомікі Беларусі Уладзіміра Зіноўскага і пасла Бельгіі ў Беларусі (з рэзідэнцыяй у Маскве) Алекса Ван Меўвена.
Вітаючы бельгійскі бок, Уладзімір Зіноўскі апісаў формулу, па якой павінна працаваць сумеснае прадпрыемства: "Першае - гэта выяўленне попыту на еўрапейскім і іншых рынках, у чым мы разлічваем на дапамогу нашых бельгійскіх партнёраў; вывучэнне экспартнага патэнцыялу беларускіх прадпрыемстваў - гэта другое, і ў гэтым нам павінна дапамагчы наша навука; трэцяе - гэта давядзенне прадукцыі да ўзроўню еўрапейскага спажыўца, правільная лагістыка і навыкі эфектыўных продажаў". Міністр выказаў упэўненасць, што сфарміраваны кансорцыум стане добрым прыкладам партнёрства дзяржавы і бізнесу ў мэтах рэалізацыі прыярытэтных дзяржаўных задач.