9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Арменія вядуць работу па стварэнні сумесных вытворчасцей з высокай дабаўленай вартасцю ў ювелірнай сферы. Аб гэтым паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Арменіі Сцяпан Сухарэнка ў інтэрв'ю агенцтву "Навіны Арменіі - NEWS.am", паведамляе БЕЛТА.
"Эканомікі Арменіі і Беларусі ўзаемадапаўняльныя. Нашы тавары не складаюць канкурэнцыі адзін аднаму - таго, што вырабляюць у Арменіі, няма ў Беларусі, і наадварот. Сярод прарыўных напрамкаў я назваў бы ювелірную сферу. Ужо вядзецца адпаведная работа, ёсць пэўны вынік. Перш за ўсё нас цікавіць стварэнне сумесных вытворчасцей з высокай дабаўленай вартасцю. Нас таксама цікавіць сфера высокіх тэхналогій. Аб'яднаўшы намаганні, можна шмат чаго дабіцца", - упэўнены Сцяпан Сухарэнка.
Паводле слоў пасла, у кастрычніку адбылося пасяджэнне армяна-беларускай міжурадавай камісіі, дзе абмяркоўвалася пытанне выхаду прадукцыі сумесных прадпрыемстваў на знешні рынак, улічваючы членства Арменіі ў СГА і вынікаючыя з гэтага прэферэнцыі. "Арменія можа пастаўляць амаль 9 тыс. найменняў тавараў на еўрапейскі рынак на льготных умовах. У нас такіх прэферэнцый няма. Гэта таксама перспектыўны напрамак супрацоўніцтва. З улікам таго, што ўрад Арменіі рэалізуе праграму мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, мадэльны рад, што вырабляецца ў Беларусі, па ўсіх параметрах: кошце, прастаце абслугоўвання, якасці - найбольш прымальны для армянскага фермера і можа быць актыўна задзейнічаны ў праводзімых рэформах. Мы можам пастаўляць гатовую прадукцыю, аднак ёсць больш выгадны варыянт. Мы адкрываем серыю зборачных прадпрыемстваў. У выніку кошт адзінкі вырабу знізіцца на 20-30 працэнтаў. Напрамкаў супрацоўніцтва шмат. Важна своечасова заняць нішу. Тым больш што ёсць напрацаваны вопыт супрацоўніцтва", - сказаў дыпламат.
Сцяпан Сухарэнка таксама адзначыў, што краінам неабходна развіваць адносіны ў сферы турызму. Турыстычны паток паміж дзяржавамі знаходзіцца на недапушчальна нізкім узроўні. "Мы вывучалі патэнцыял Арменіі ў гэтай сферы. Ён даволі цікавы. Ёсць статыстыка, згодна з якой Арменія па ліку гістарычных помнікаў на душу насельніцтва займае ў Еўропе адно з першых месц. Улады Арменіі стараюцца зрабіць краіну больш даступнай для турыстаў. Я не лічу, што геаграфічная аддаленасць Беларусі і Арменіі з'яўляецца неадольнай перашкодай - усяго тры гадзіны палёту. Многія беларусы падарожнічаюць у Аўстралію, Паўднёва-Усходнюю Азію, Тайланд. Арменія можа прадставіць турысту вельмі багатую гісторыю, улічваючы, што краіна прыняла хрысціянства намнога раней, чым Кіеўская Русь. Мне пашанцавала, я працую ў Арменіі ўжо сёмы год і шмат ездзіў па краіне. Неабходна сур'ёзная работа па папулярызацыі гістарычнай спадчыны краіны. Не едуць не таму, што далёка ці дорага, - проста не ведаюць", - сказаў ён.
Разам з тым пасол адзначыў, што колькасць армян, якія жадаюць наведаць Беларусь, расце. Раней быў адзін рэйс у тыдзень у напрамку Ерэван - Мінск, цяпер ужо тры, а ў хуткім часе будзе адкрыты чацвёрты. "Паток армян у Беларусь вельмі вялікі. Акрамя таго, у Беларусі пражывае даволі вялікая армянская дыяспара. Мы прагназуем, што з уступленнем Арменіі ў Еўразійскі эканамічны саюз узрасце дзелавая актыўнасць паміж нашымі краінамі, а значыць і пасажырапатокі", - дадаў Сцяпан Сухарэнка.