27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прадставіць інавацыйныя распрацоўкі на спецыялізаванай выстаўцы "Тэхнаэкспа. Металургія. Машынабудаванне", якая пройдзе 27 і 28 лістапада ў Чэлябінску. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ВНУ.
БДУ ў складзе калектыўнай экспазіцыі Міністэрства адукацыі Беларусі прадэманструе вынаходствы ў галіне прамысловага абсталявання, інжынерыі, прыборабудавання, энергетыкі, інфармацыйных тэхналогій. "Сярод выставачных экспанатаў ВНУ - рэсурсазберагальнае абсталяванне для вытворчасці вырабаў з пенаполіўрэтанаў. Гэта шматфункцыянальныя рабатызаваныя комплексы, якія могуць быць выкарыстаны для стварэння шырокага асартыменту вырабаў з пенаполіўрэтану. Атрыманыя ўзоры прымяняльныя для патрэб камунальнай гаспадаркі, аўтамабілебудавання, нафтахімічнай вытворчасці, мэблевай прамысловасці. Абсталяванне не ўступае лепшым замежным аналагам, мае больш нізкі кошт і паспяхова выкарыстоўваецца ў вытворчых працэсах на прадпрыемствах у Беларусі і Расіі. Распрацоўшчыкам выступае Інстытут прыкладных фізічных праблем імя А.Н. Сеўчанкі БДУ. Акрамя таго, наведвальнікі змогуць азнаёміцца з хімічна стойкай грунтоўкай ТІКОР-1 на воднай аснове. Яна прызначана для антыкаразійнай аховы стальных вырабаў і канструкцый хімічнай і энергетычнай прамысловасці пры ўздзеянні атмасферных фактараў і агрэсіўных асяроддзяў. Яе стойкасць пераўзыходзіць паказчыкі вядомых айчынных і імпартных матэрыялаў. Вытворчасцю грунтоўкі займаецца НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ", - расказалі ў прэс-службе.
Вучоныя БДУ таксама падрыхтавалі прэзентацыю аб камп'ютарным мадэляванні ў галіне складаных інжынерных задач. "Тэхналогія дае магчымасць праводзіць ацэнку машын і механізмаў на стомленасць на базе распрацаванага ў БДУ ўнікальнага ўніверсальнага выпрабавальнага цэнтра SZ-01. Асноўныя перавагі мадэлявання заключаюцца ў комплексным падыходзе, што дае магчымасць колькасна ацаніць уплыў рэжыму нагружэння сістэмы ў цэлым. Галоўнай асаблівасцю машын серыі СІ/SZ з'яўляецца выкарыстанне ўніфікаваных тыпаразмераў аб'ектаў выпрабаванняў. Гэта забяспечвае карэктнае параўнанне вынікаў выпрабаванняў, праведзеных у розных умовах. Аўтарам распрацоўкі выступае калектыў механіка-матэматычнага факультэта БДУ. На заканчэнне навуковага мерапрыемства гасцям таксама прадэманструюць ультрагукавыя лічыльнікі газу, шматфункцыянальны вымяральны комплекс Alma Meter 2, тэхналогію нанясення градыентнага антыкаразійнага тэрмаўстойлівага пакрыцця на аснове нікелю на медзь", - праінфармавалі ў ВНУ.
Спецыялізаваная выстаўка "Тэхнаэкспа. Металургія. Машынабудаванне" - пляцоўка, дзе дэманструюцца найноўшыя распрацоўкі, дасягненні і абсталяванне для розных сектараў прамысловасці. Асноўнымі тэматычнымі раздзеламі выстаўкі з'яўляюцца станочнае абсталяванне, інструментальная гаспадарка, гідраўлічнае і пнеўматычнае абсталяванне, машынабудаванне, зварачная вытворчасць, новыя тэхналогіі апрацоўкі металаў, камплектуючыя вырабы і матэрыялы, комплекснае аснашчэнне вытворчасці, вагавое абсталяванне, пад'ёмна-транспартнае абсталяванне, пагрузчыкі, абсталяванне і матэрыялы для ачысткі і аднаўлення навакольнага асяроддзя, абсталяванне для ўтылізацыі адходаў, ахова працы і здароўя.