19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Башкортастан зацікаўлены ў прадукцыі Мінскага маторнага завода, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Сёння Мінскі маторны прымае дэлегацыю з Рэспублікі Башкортастан. Гасцей азнаёмілі з працэсам вытворчасці выпускаемай прадукцыі. Прадэманстравалі канвееры зборкі чатырохцыліндравых, шасціцыліндравых, малалітражных рухавікоў, паказалі найноўшае абсталяванне, якім апошнія гады паспяхова мадэрнізуецца вытворчасць.
Намеснік генеральнага дырэктара - дырэктар па якасці прадукцыі і тэхнічным сэрвісе ММЗ Іван Бакун, адказваючы на пытанне аб тым, ці хопіць беларускаму прадпрыемству магутнасцей для супрацоўніцтва з вытворчасцямі Башкортастана, адзначыў: "Мінскі маторны завод гатовы паставіць любому спажыўцу тую колькасць рухавікоў, якую ён закажа. Той мадыфікацыі, якія падыдуць да вашых зборачных канвеераў".
Пасля азнаямленчай экскурсіі з вытворчасцю дэлегацыя адправілася на перагаворы з кіраўніцтвам ММЗ па пытаннях перспектыўнага стратэгічнага супрацоўніцтва.
"Гэта вельмі буйны завод. Прадукцыя, якая вырабляецца Мінскім маторным заводам, нас цалкам задавольвае, і мы будзем з імі супрацоўнічаць", - рэзюмаваў намеснік прэм'ер-міністра ўрада Рэспублікі Башкортастан - міністр сельскай гаспадаркі Ільшат Фазрахманаў.
Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вырабе сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасці ад 7 кВт да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры 49 прадпрыемстваў Беларусі, краін СНД і далёкага замежжа, прадукцыя прадаецца ў больш як 50 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Пры вытворчасці рухавікоў выкарыстоўваюцца камплектуючыя сусветна вядомых кампаній.-0-