16 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Банк развіцця адкрывае крэдытную лінію на $70 млн для фінансавання беларускага экспарту ў афрыканскі рэгіён. Адпаведнае пагадненне падпісана 15 мая паміж Банкам развіцця і Trade and Development Bank of COMESA ў час візіту беларускай дэлегацыі ў Найробі (Кенія). Такая інфармацыя размешчана на сайце Банка развіцця, паведамляе БЕЛТА.
"Наша работа ў сферы экспартнага фінансавання заўсёды накіравана на стварэнне магчымасцей для беларускіх прадпрыемстваў супрацоўнічаць з любым рэгіёнам свету. Афрыка - гэта кантынент найвялікшага эканамічнага патэнцыялу, рэгіён да якога прыкавана асаблівая ўвага вядучых сусветных экспарцёраў. Таму пры падтрымцы нашых партнёраў з TDB мы прапануем вельмі выгадныя ўмовы афрыканскім кампаніям, зацікаўленым у набыцці тавараў, работ і паслуг з Беларусі. Гэта адназначна прыцягне цікавасць да супрацоўніцтва з беларускім бокам. Але яе трэба не проста ўтрымаць, яе трэба значна ўзмацніць, каб заставацца на гэтым рынку", - пракаменціраваў падпісанне пагаднення старшыня праўлення Банка развіцця Сяргей Румас.
Trade and Development Bank of COMESA (Банк гандлю і развіцця Усходняй і Паўднёвай Афрыкі) - спецыялізаваны афрыканскі міждзяржаўны фінансавы інстытут, заснаваны ў 1985 годзе 19 афрыканскімі дзяржавамі - членамі арганізацыі агульнага рынку Усходняй і Паўднёвай Афрыкі.