28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арменія зацікаўлена ў пашырэнні наменклатуры закупляемай у Беларусі сельскагаспадарчай тэхнікі. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы кіраўніцтва ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабруйскаграмаш" з дэлегацыяй з Арменіі на чале з генеральным дырэктарам ТАА "Армяна-беларускі гандлёвы дом "Ар-Бе" Геворгам Аганісянам, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Міністэрства прамысловасці.
Як адзначылі ў ведамстве, у ходзе перагавораў бакі падвялі вынікі супрацоўніцтва за першае паўгоддзе 2021 года, вызначылі напрамкі работы па павелічэнні будучых паставак сельгастэхнікі ў Арменію як па прамых кантрактах, так і з прыцягненнем фінансавых інструментаў ААТ "Прамагралізінг".
Генеральны дырэктар ТАА "Армяна-беларускі гандлёвы дом "Ар-Бе" выказаў гатоўнасць значна пашырыць наменклатуру закупляемай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама арганізаваць на сваёй базе выстаўку прадукцыі холдынга "Бабруйскаграмаш" для азнаямлення аграрыяў Арменіі з сучаснымі аграмашынамі беларускай вытворчасці.