5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для пастаўкі беларускіх грузаў задзейнічана 19 расійскіх партоў. Аб гэтым расказаў журналістам міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў міністра, у мінулым годзе паміж краінамі падпісаны два базавыя пагадненні аб перавалцы нафтапрадуктаў і знешнегандлёвых грузаў. Гэта ў першую чаргу калійныя, азотныя ўгнаенні, прадукцыя металургіі і дрэваапрацоўкі.
"Аб'ёмы вызначаны на 2023 год. Вызначаны парты, якія будуць задзейнічаны. Галоўная задача - нарасціць гэтыя аб'ёмы і паглядзець па якасці, цане канечнай перавалкі, ці гэта калійных угнаенняў альбо нафтапрадуктаў. Але праблем з арганізацыйнага пункту гледжання на расійскай тэрыторыі сёння няма", - падкрэсліў Аляксей Аўраменка.
Але як Беларусь кампенсуе дадатковыя выдаткі, што з'явіліся? Вазіць жа свае грузы ў Клайпеду для далейшай пастаўкі праз мясцовы порт было значна бліжэй, чым у той жа Санкт-Пецярбург. А значыць, і танней.
"Калі мы гаворым аб пагадненні па нафтапрадуктах, мы нівеліравалі гэту розніцу шляхам таго, што Расійскія чыгункі прадаставілі пяцідзесяціпрацэнтную скідку. Гэта супастаўная сёння цана. Калі мы гаворым пра аб'ёмы астатніх грузаў, мы працуем над тым, каб атрымаць скідку на чыгуначныя тарыфы (і Прэзідэнт ставіў задачу ў гэтай частцы), каб быць канкурэнтаздольнымі з тымі партамі, якія ў нас былі", - растлумачыў міністр транспарту і камунікацый.
Як вядома, Беларусь мае намер пабудаваць у Расіі свой марскі порт. "Размова ў першую чаргу ідзе аб тым, каб мы ажыццяўлялі яго функцыі як дзяржаўнага порта. Адпаведна кантралявалі заход суднаў і мелі гарантаванае месца, адкуль маглі б адпраўляць беларускія экспартныя грузы, а таксама развіваць інфраструктуру за кошт прывозу імпартных грузаў. Значыць, гэта комплекснае пытанне, якое яшчэ патрабуе больш дэталёвага вывучэння з пункту гледжання эканомікі праекта. Таму што будаўніцтва порта - даволі дарагая тэматыка", - заўважыў Аляксей Аўраменка.
Беларускі бок плануе пабудаваць порт сваімі сіламі з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў. "Ёсць шэраг расійскіх банкаў, якія гатовы гэта крэдытаваць. Пытанне ў тым, каб атрымаць канечную эфектыўнасць ад рэалізацыі гэтага праекта. У любым выпадку гэта даволі маштабны праект для краіны. Ён патрабуе больш дэталёвага вывучэння", - падкрэсліў міністр.