5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Амкадор" распрацоўвае літый-іонныя акумулятары для сваёй тэхнікі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
На працягу 2019-2020 гадоў на ВУП "Амкадор-Радыян" пры навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з Аб'яднаным інстытутам машынабудавання НАН вялася распрацоўка літый-іонных акумулятарных батарэй для вілачных электрапагрузчыкаў і электрацялежкі вытворчасці "Амкадор".
Адна з першых створаных на прадпрыемстве батарэй 48 В ёмістасцю 350 А/гадз цяпер праходзіць заводскія выпрабаванні на "Амкадор-Унікаб". Яна ўстаноўлена на вілачны электрапагрузчык "Амкадор Е16" грузападымальнасцю 1,6 тыс. кг замест свінцова-кіслотных 48 В ёмістасцю 500 А/гадз.
"Выпрабаванні праходзяць паспяхова. І паводле разлікаў спецыялістаў, эксплуатацыя такога пагрузчыка акупіць выдаткі на набыццё літый-іоннай батарэі за 2,5 года, сэканоміўшы за гэты час уладальніку толькі на змяншэнні расходу электраэнергіі больш як Br7 тыс. Ды і пасля гэтага рэсурс акумулятара не будзе зрасходаваны, астатак складзе 2000-4000 цыклаў зарадкі-разрадкі", - падкрэслілі ў прэс-службе.
У далейшым новымі батарэямі плануецца аснашчаць таксама вілачныя электрапагрузчыкі "Амкадор Е25", платформенныя электрацялежкі "Амкадор ЕР20" і "Амкадор ЕР30".
"Выкарыстанне літый-іонных батарэй у свеце значна пашыраецца. Яны прымяняюцца не толькі ў электратранспарце, але і ў электраэнергетыцы, на грузапад'ёмных машынах, у сістэмах тэлекамунікацый, на чыгуначным транспарце, у крыніцах бесперабойнага сілкавання і наогул усюды, дзе патрабуецца захаванне энергіі для далейшага выкарыстання", - растлумачылі на прадпрыемстве.
Як адзначылі ў прэс-службе, новыя тэхналогіі фактычна зрабілі рэвалюцыю ў электратэхніцы, імкліва выцясняючы свінцова-кіслотныя акумулятары. Прычына крыецца ў шэрагу істотных пераваг. Напрыклад, тэрмін службы літый-іонных акумулятарных батарэй (3000-5000 цыклаў зарадкі-разрадкі) у 2-3 разы больш свінцова-кіслотных. Яны не патрабуюць кантролю ўзроўню і даліўкі электраліту, а значыць, адпадае неабходнасць у яго падрыхтоўцы, навучанні абслуговага персаналу і адвядзенні спецыяльна абсталяваных памяшканняў для правядзення зарадкі. Літый-іонную батарэю, умоўна кажучы, трэба проста падключыць да спецыяльнай разеткі ў любым месцы і ў любы час (напрыклад, у абедзенны перапынак), бо яна не вылучае агрэсіўных пароў кіслаты і не мае эфекту памяці. Апошняе вельмі важна, паколькі новыя тэхналогіі дазваляюць дазараджаць часткова разраджаную батарэю без шкоды для яе любую колькасць разоў.
"Герметычнасць новых акумулятараў - гарантыя іх бяспекі на прадпрыемствах харчовай, хімічнай прамысловасці, а таксама на пажаранебяспечных вытворчасцях, - сказалі ў прэс-службе. - Сярод вартасцей літый-іонных батарэй - малыя вага і габарыты (у 2-3 разы менш за традыцыйныя), хуткая зарадка (у 3-7 разоў), доўгі час бесперапыннай работы (да васьмі гадзін і больш пры частковых падзарадках)".