18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Холдынг "Амкадор" прыме ўдзел у экспазіцыі 19-й Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі тэхнікі і тэхналогій лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці "Лесдрэўтэх-2021" і прадставіць там свае навінкі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Харвестар AMKODOR FH3081 і форвардар AMKODOR FF1681 - гэта інавацыйныя машыны цяжкага класа і павышанай прадукцыйнасці, якія прызначаны, у першую чаргу, для эксплуатацыі ва ўмовах лесанарыхтовак у Расіі. "Машыны цалкам адпавядаюць сусветным стандартам, у іх увасоблены лепшыя тэхнічныя рашэнні, а ўсе сістэмы кіруюцца электронікай", - падкрэслілі ў прэс-службе.
Паўпрычэп лесавозны ўніверсальны грузападымальнасцю 10 т AMKODOR 2310 забяспечаны яшчэ адной навінкай - форвардарным маніпулятарам уласнай вытворчасці AMKODOR KF4556. Машына прызначана для збору, пагрузкі і транспарціроўкі сартыментаў і іншых круглых лесаматэрыялаў па лесасеках і лесавозных дарогах.
Паўпрычэп агрэгатуецца з трактарам лесагаспадарчым "БЕЛАРУС" МУЛ1221, а таксама іншымі трактарамі цягавага класа 2.0. Доследны ўзор паўпрычэпа праходзіў выпрабаванні ў рэальных умовах пры рабоце ў лесагаспадарчых прадпрыемствах Беларусі. Водгукі паступілі станоўчыя, і шэраг машын ужо набыты карыстальнікамі, у тым ліку ў Расіі.
Самаходны мульчыравальнік AMKODOR FV20A1 прызначаны для апрацоўкі глебы пры лесааднаўленні і рэканструкцыі насаджэнняў, догляду лясных тэрыторый, расчысткі ад дрэў і кустоў участкаў пад ЛЭП, у палосах адводу газаправодаў і нафтаправодаў, аўтамабільных і чыгунак, а таксама для стварэння проціпажарных палос у лесе, будаўніцтва і ўтрымання лясных дарог, рэкультывацыі сельгасзямель. Пры ліквідацыі астаткаў на лесасеках машына зразае пні дыяметрам да 300 мм і забяспечвае ўзворванне глыбінёй да 50 мм.
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка тэхнікі і тэхналогій лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці "Лесдрэўтэх-2021" пройдзе 20-23 мая на тэрыторыі "Мінск-Арэны". Мэта - комплексная дэманстрацыя дасягненняў галіны, вызначэнне вектараў яе развіцця, а таксама прадстаўленне магчымасцей замежных удзельнікаў, зацікаўленых у рабоце на беларускім рынку.
ААТ "Амкадор" - кіруючая кампанія холдынга" заснавана ў 1927 годзе. Тут вырабляюць 125 мадэлей і мадыфікацый тэхнікі без уліку варыянтаў апцыянальных камплектацый машын. Колькасць супрацоўнікаў перавышае 6 тыс. Усе прадпрыемствы холдынга інтэграваны ў адзіны тэхналагічны ланцуг. Кожны ўдзельнік спецыялізуецца на выпуску канкрэтных машын, вузлоў і агрэгатаў для ўсіх прадпрыемстваў кампаніі. У холдынгу пастаянна распрацоўваюць новыя мадэлі тэхнікі і ўдасканальваюць існуючыя.