12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Холдынг "Амкадор" і ўрад Башкортастана падпісалі пагадненне аб укараненні і развіцці сучасных аўтаматызаваных тэхналогій лесанарыхтовак на тэрыторыі рэспублікі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт беларускага прадпрыемства.
Дакумент быў падпісаны ў час I Міжрэгіянальнага форуму па развіцці паўночнага ўсходу Башкортастана, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі "Амкадора".
У кулуарах форуму таксама прайшлі перагаворы прадстаўнікоў дзелавых колаў Беларусі з міністрам прамысловасці і інавацыйнай палітыкі Башкортастана Аляксеем Карпухіным і міністрам лясной гаспадаркі Башкортастана Маратам Шарафутдзінавым, у ходзе якіх бакі абмеркавалі асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння на перспектыву.
Як расказалі ў "Амкадоры", распрацоўка тэхнікі для лесапрамысловага комплексу (ЛПК) у холдынгу пачалася ў 2004 годзе. За кароткі па мерках сусветнага машынабудавання час холдынг асвоіў серыйную вытворчасць 17 сучасных мадэлей машын ЛПК, яшчэ чатыры мадэлі праходзяць выпрабаванні. Усе яны даюць магчымасць прымяняць у лясной гаспадарцы самыя перадавыя тэхналогіі. На гэты час выпушчана больш за 800 экзэмпляраў машын.
Усе этапы вытворчасці тэхнікі для лясной гаспадаркі сертыфікаваны па сусветных стандартах СТБ ISO 9001-2009 і DIN EN ISO 9001-2008.
Па аб'ёме рэалізацыі машын лесапрамысловага комплексу на расійскім рынку холдынг "Амкадор" з 2014 года замацаваўся на трэцім месцы пасля вядучых сусветных вытворцаў (John Deere, Ponsse), апярэдзіўшы Komatsu.