3 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амерыканскі бок зацікаўлены ў куплі функцыянальнага харчавання, распрацаванага беларускімі вучонымі. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"У галіне сельскай гаспадаркі ў беларускіх вучоных ёсць некалькі распрацовак - віды харчавання рознага прызначэння, у тым ліку, лячэбнага, для спартсменаў або спецыяльнага для жанчын", - растлумачыў Уладзімір Гусакоў.
Сёння НАН Беларусі наведала дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША на чале з кангрэсменам Данай Рарабакер. Яны наведалі пастаянна дзеючую выстаўку НАН Беларусі, а таксама правялі перагаворы.
Уладзімір Гусакоў расказаў, што ў беларускіх вучоных ёсць шэраг праектаў, дагавораў і грантаў з амерыканскімі ўніверсітэтамі і лабараторыямі. Акрамя таго, гатовы для ўкаранення некалькі завершаных распрацовак. У прыватнасці, у галіне фізікі, інфарматыкі, матэрыялазнаўства, біятэхналогій, а таксама гуманітарных навук.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі праінфармаваў, што супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЗША прадаўжаецца, але яго неабходна актывізаваць. "Патэнцыял беларускай НАН значна мацнейшы, і мы можам паглыбіць і пашырыць наша супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў", - лічыць ён. Уладзімір Гусакоў адзначыў, што, напрыклад, шэраг сумесных распрацовак у ІТ-сферы амерыканскім партнёрам прапанаваў не толькі Парк высокіх тэхналогій, але і Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі.
"Хоць па шэрагу напрамкаў амерыканскія тэхналогіі пайшлі далей, але і вынікі беларусаў даюць магчымасць ім ганарыцца сваімі дасягненнямі", - сказаў кіраўнік НАН.