5 снежня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Польская акадэмія навук падпісалі пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Падпісанне дакументаў адбылося ў час візіту ў НАН Беларусі прэзідэнта Польскай акадэміі навук Ежы Душыньскага. Галоўная мэта візіту - правядзенне перагавораў з кіраўніцтвам НАН Беларусі аб перспектыўных напрамках і механізмах пашырэння беларуска-польскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва.
Як паведамілі ў прэс-службе НАН Беларусі, акадэміі навук дзвюх краін маюць даўнія сувязі. З 21 па 23 сакавіка па запрашэнні кіраўніцтва Польскай акадэміі навук у Варшаве знаходзілася дэлегацыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на чале са старшынёй Прэзідыума акадэмікам Уладзімірам Гусаковым. Мэтай візіту стала пашырэнне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва вучоных дзвюх краін, а таксама правядзенне канферэнцыі "Польска-беларускае навукова-даследчае супрацоўніцтва ў галіне гуманітарных навук".
Беларускія і польскія даследчыкі прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Праблемы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і ўстойлівае развіццё Палесся", якая адбылася ў НАН Беларусі 14-17 верасня.
Цяпер плануецца актывізацыя сумеснага ўдзелу польскіх і беларускіх вучоных у кансорцыумах, ствараемых для ініцыіравання і рэалізацыі праектаў праграмы ЕС па навукова-тэхналагічным і інавацыйным развіцці "Гарызонт 2020".